— Паражэнне паказвае табе недахопы, выкрывае слабыя бакі — тое, над чым трэба працаваць. Яно дазваляе перагрупаваць сілы, каб эфектыўна рухацца наперад. Калі ты не асвоіш гэтую навуку, то ніколі не дасягнеш мэты. Поспех — ён часовы. Паражэнне — работа над памылкамі. Рабі высновы, ліквідуй дэфекты. Бойся, калі трэба. Неабгрунтаваная бравада прыносіць больш шкоды, чым затрымка, якая з’яўляецца нічым іншым, як прадумваннем на некалькі крокаў наперад. Дзейнічай разважліва. Не ахвяруй усім дзеля заспакаення раскілзаных амбіцый. Бо інакш яны, твой галоўны актыў, знішчаць цябе.
Зямля, наша прамаці, паглынае кроў, чысціць сумленне і пакідае след толькі ў памяці людзей. Нават калі людзі маўчаць, зямля ведае. Яна хавае ўсе нашы таямніцы.
— Але пераможцам немагчыма заставацца заўсёды, — голас трэнера цяпер гучаў так, быццам той збіраўся даць ёй дыхту. Саша зноў напружылася. — Ім чалавек робіцца, калі пастаянна развіваецца. Але развіццё немагчымае без паражэнняў. Навучыся прымаць іх годна. Яны — бясцэнная крыніца ведаў, без якой нельга павысіць планку. Інакш, нягледзячы на свае перавагі, ты перастанеш перамагаць. Тады амбіцыі пачнуць цябе выядаць.